Плошча Перамогі
Альгерд Бахарэвіч напісаў раман што завецца "Плошча Перамогі". Раман гэты пра тэорыю інфармацыі. Ды не абы якой, а праўдзівай. Тэорыя інфармацыі звычайна аперуе абстрактна ў адносінах да свайго зьместу. Інфармацыя - гэта тое што зьмяняе вашую веру зь няўпэўненасьці ў канкрэтнасьць. А ў якую канкрэтнасьць - то неістотна. Вось і перамога - гэта вельмі пэўны, канкрэтны вынік, можна за ёй і плошчу назваць. А хто каго перамог неістотна.
Тэорыю інфармацыі распрацавалі Клод Шэнан, Джон фон Нойман, і кампанія ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Іх цікавілі практычныя пытаньні: як перадаваць весткі праз тэлекамунікацыйныя сыстэмы, ці замінае шум у перадачы вестак, як зашыфраваць паведамленьне каб яго не чыталі ворагі. У 1950х Эдвін Джэйнс правёў паралель паміж тэорыяй інфармацыі і статыстычнай механікай і надаў нам магчымасьць будаваць статыстычную механіку чаго заўгодна. Чым я і займаўся ў сваёй дысертацыі. Выпісваў розныя там формулкі таго як пытаньні дызайну і прыняцьця рашэньняў павязаныя з фізыкай цьвёрдага цела.
Для адной сыстэмы можна падлічыць інфармацыю, гэта мера нашай няўпэўненасьці ў стане сыстэмы. Для двух сыстэмаў можна падлічыць агульную інфармацыю, то бок наколькі стан адной сыстэмы інфармуе нашае разуменьне другой сыстэмы. У навакольным сьвеце інфармацыі шмат, а ў нашай галаве ці ў пэўнай мадэлі што мы можам пабудаваць інфармацыі не так шмат. Але ж калі мадэль добра адлюстроўвае сьвет і мае зь ім вялікую агульную інфармацыю, тады разуменьне меншай мадэлі дапамагае прадказаць большы сьвет. Калі вы граеце ў покер і заўважаеце што ў іншага гульца дрыгаецца павека, то гэта не кажа вам дакладна якія ў яго карты ў руцэ, але робіць крыху больш верагодным што ён блефуе. Як казаў адзін мой ментар, разуменьне пэўных прынцыпаў вызваляе ад неабходнасьці веданьня пэўных фактаў. Таму ў фізыцы мы і спрабуем фармуляваць агульныя прынцыпы і тэорыі, каб не думаць пра кожную сыстэму нанова.
Як раз фізыкай натхняўся брытанскі нейранавукоўца Карл Фрыстан каб сфармуляваць свой Прынцып Вольнай Энэргіі. Згодна з прынцыпам, ўсе жывыя істоты намагаюцца максымізаваць прадказальнасьць навакольнага сьвету. Істота можа зрабіць сабе больш дакладную унутраную мадэль. Ці наадварот, істота можа крыху зьмяніць навакольны сьвет каб ён лепей падыходзіў пад мадэль. Гэты прынцып ёсьць вядучай зоркай вялікай часткі нейранавуковых дасьледаваньняў сёньня. Я не першы раз чытаў Бахарэвіча і верыў што ў яго вялікая агульная інфармацыя з сусьветам Беларусі і навакольля. Але ў гэтай кніжцы не мог разумець хто каго перамог, і чаму яму варта зараз пісаць пра тэорыю інфармацыі, а мне варта яго чытаць.
Галоўны герой раману Лёкса Шпуль - салдат што вяртаецца з вайны ў родны горад зь весткай пра вынік вялікай бітвы. Бітва была вялікая, а вестка маленькая. Калі верыць гэтаму вястуну, то ягоная вестка мае шмат агульнага з вынікам бітвы. Але колькі можна дастаць інфармацыі з таго факту што вястун увогуле дайшоў? Якога салдата, добрага ці кепскага, назначыць вястуном кароль? Што варта зрабіць з салдатам на падставе весткі - зрабіць афіцэрам ці павесіць? Той факт што Шпуль дайшоў і нешта сказаў будзе моцна ўплываць і на палітыку дзяржавы, і на ягоны далейшы асабісты лёс. Ягоная інфармацыя паменшыць няўпэўненасьць сытуацыі. Ці цяпер істотна што менавіта ён скажа?
Інфармацыю мы звычайна вымяраем у бітах. Як у кампутары - нулікі і адзінкі. Адзін біт інфармацыі - гэта колькасьць інфармацыі што зьмяншае нашу няўпэненасьць пра зададзенае пытаньне ўдвая. Калі вы спрабуеце знайсьці правільны дом на вуліцы, але вам хтосьці кажа што нумар дома цотны, то ваш пошук робіцца ўдвая лягчэйшым. А калі скажуць яшчэ і што дом на паўночнай палове вуліцы, то робіцца і яшчэ ўдвая лягчэй. Вось і ў Лёксы Шпуля адзін біт інфармацыі якім ён гандлюе. Мы іх ці яны нас?
Мне вельмі павольна адкрываўся раман, таму што Лёкса Шпуль несымпатычны персанаж. Ягонаму лёсу не пазайздросьціш, ягоны выбар так сабе, да й характар у яго кепскі. Словам, нармальны хлопча, зусім не неверагодны, проста яму дасталася ў патрэбны момант інфармацыя. А нават калі ёсьць патрэбная інфармацыя, але няма ні маральнага хрыбетніку, ні пачаткаў стратэгічнага мысленьня, доўгатэрміновае шчасьце не пабудуеш.
Чаму гэта беларускі раман? Так, яго напісаў беларускі аўтар беларускай мовай, але ніякай канкрэцікі пра краіну няму, да й увогуле сеттынг нейкі напалову фэнтэзійны, на мапе ці ў падручніку гісторыі такіх не знойдзеш. Імёны ва ўсіх персанажаў славяна-германа-кітайскія. Нейкая гісторыя якой хочацца быць канкрэтнай, але неістотна ў які бок. Тое што фізыкі называюць спантанным парушэньнем сіметрыі. Калі я мальцом жыў у Менску, там было два галоўных праспэкты: адзін зваўся Скарынай паводле нашага першадрукара, другі Машэрава паводле колішняга кіраўніка БССР. Але ў 2005 годзе у рамках праграмы рэдукцыі і абагульненьня Менска ў Мінск праспэкты былі пераіменаваныя ў Незалежнасьці і Пераможцаў. Незалежнасьці ад самі-ведаеце-каго. Пераможцаў над самі-ведаеце-кім. Сіметрыю можаце і ў галаве парушыць, не маленькія ўжо.
Два тыдні я гасьціў у цэнтры Гаякіля, партовага горада ў Эквадоры, недзе паміж вуліцамі дыез де агосто і нуэвэ дэ октубре. Усім жа і так зразумела што адбылося ў тыя дні. Важнае адбылося. Шмат агульнай інфармацыі мае з горадам. Асабліва калі ўлічваць што падзеі нуэвэ дэ октубре адбываліся часткова і на вуліцы дыез дэ агосто. У вялікіх гарадах Лацінскае Амерыкі ўсё дакладна, сін нінгуна дуда.
Плошча Перамогі, празь якую ўвесь раман туды-сюды шпацыруе Лёкса Шпуль - гэта вельмі канкрэтная абстракцыя. Дакладна, хтосьці кагосьці перамог, гэта гістарычны факт, гэта вялікая гісторыя, а не вашая там малая. Пра гэта ўжо напісалі ў падручніках. Самазразумела якая маецца на ўвазе перамога. Як на Плошчы Перамогі ў сапраўдным Мінску, якая азначае галоўную (ці нават адзіную) нацыябудаўнічую падзею ў гісторыі беларускага народу. На такой Плошчы можна наліваць віно. Але такую Плошчу нікому нельга апаганьваць. Асабліва жанчынам у белым.
Чаму трэба было напісаць раман менавіта цяпер (ён выйшаў у 2021)? Альгерд Бахарэвіч паглядзеў і паўдзельнічаў у беларускіх пратэстах лета-восені 2020, і бачыў іх крывавае падаўленьне і на людскім фронце, і на інфармацыйным. Бо цяпер у Беларусі страляюць вястуноў, перадушылі ўсіх канарэяк у шахтах, адмянілі ўсе процівесы і балянсы, адмовіліся ад карэляцыі віны і прысуду. Складана зрабілася адтуль прывезьці вестку, ці туды яе даслаць. А побач расейскія сродкі масавай інфармацыі нясуць у масы праўдзівую інфармацыю пра жахі што адбываюцца на вайне ва Ўкраіне. Хтосьці канкрэтны дакладна вінны ў гэтых жахах. "Плошча Перамогі" была выданая да расейскага ўторгненьня, але Бахарэвіч добра бачыў тэндэнцыі СМІ той краіны. Ён да апошняга жадаў быць неправым у сваім прагнозе - але прагноз збыўся нават з дакладнымі датамі.
Калі добра пашукаць у гэтым рамане, то можна знайсьці пэўныя прыкметы экстрэмізму і раман забараніць. Неістотна якія прыкметы - раней у Бахарэвіча ўжо знаходзілі. Агульнай інфармацыі шмат паміж спадаром Бахарэвічам і гэтымі вашымі экстрэмістамі. Пра экстрэмістаў пішуць у навінах кожны дзень, а Бахарэвіч кніжкі выдае толькі крыху часьцей чым раз на год. Але ў ягоных кніжках шмат агульнай інфармацыі з навінамі. Таму і варта падчас вялікіх гістарычных выпрабаваньняў чытаць літаратуру замест навінаў.
У Беларусі і краінах-суседках яшчэ нічога не скончылася ў гістарычным супрацьстаяньні. Усім хочацца перамогі, кожнаму боку. Толькі і пытаньнечка - мы іх? Ці ўсё ж яны нас?